День с «Курьером»

Уваскрэснуць у Хрысце Уваскрослым

 Уваскрасенне Тваё славім, Хрысце Пане.

Дарагія ў Хрысце Уваскрослым браты ў святарстве, законнікі і законніцы, браты і сёстры, людзі добрай волі!
«Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрос…» (Мк 16, 6-7).
З гэтымі словамі звярнуўся Анёл да жанчын міраносіц… Гэтыя словы і сёння нам, людзям XXI стагоддзя, таксама даюць новую надзею, якая ёсць ў Езусе Уваскрослым. Таму разам з прарокам Осіям мы можам усклікнуць: «Смерць! Дзе тваё джала? Пекла! Дзе твая перамога?»
У жыцці кожнага з нас бываюць такія моманты, калі здаецца, што ўсё выпадае з рук, што няма выйсця з цяжкай сітуацыі. Часам даводзіцца перажываць такі глыбокі духоўны крызіс, што чалавекам пачынаюць апаноўваць адчай і роспач. І толькі Уваскрослы Хрыстус вяртае надзею нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18)… З намі Той, хто заўсёды памятае пра нас і спяшаецца нам на дапамогу. Гэта Езус, які перамог смерць, грэх і злога духа. Ён перамог і кліча нас на сустрэчу з Ім…
Сёння мы ўсе спяшаемся ў нашыя прыгожа аздобленыя святыні, каб пад велічны перазвон званоў і ўзнёслы спеў «Хвала на вышынях Богу» святкаваць урачыстасць, якая з’яўляецца падмуркам нашае веры…
Аднак у гэтыя радасныя хвіліны мы павінны таксама задумацца і над некаторымі менш аптымістычнымі рэчамі. Хоць сёння нашыя святыні перапоўненыя, а па вуліцах праходзяць Эўхарыстычныя працэсіі ў гонар Уваскрослага Пана, нас не можа не турбаваць пытанне, чаму не кожную нядзелю ў касцёлах бывае столькі людзей. Сённяшняя вялікая колькасць вернікаў — што гэта: сапраўдны і глыбокі выраз нашай веры ці толькі даніна традыцыі і модзе? Маўляў, усе ідуць, і я пайду, бо што скажуць суседзі, знаёмыя… Ці мы сапраўды кожны дзень нашага жыцця жадаем жыць ісцінай Уваскрасення? Ці імкнемся на ёй будаваць нашую веру? Ці стараемся ўздымацца над сваімі слабасцямі і паўставаць з грахоў?..
Святкуючы сённяшнюю ўрачыстасць, нам трэба памятаць, што здаволіцца толькі ўспамінам факту Уваскрасення Езуса Хрыста, не напаўняючы ім сваё жыццё, — гэтага відавочна замала, як замала толькі называцца хрысціянінам, якога акрамя пасведчання хросту больш нішто не яднае з Касцёлам. Праўда Уваскрасення Хрыста павінна стаць праўдаю нашага жыцця.
Уваскрасенне Хрыста — гэта асноватворчая падзея ў гісторыі чалавецтва; падзея, якая вывела ўсіх людзей з грахоўнай няволі, адарыла новым жыццём ласкі Божай, неабходнай для збаўлення.
Дзякуючы адкупленню, якое было здзейснена праз крыж і ўваскрасенне Хрыста, мы сталі дзецьмі Божымі з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі… Як дзеці Божыя і спадакаемцы Хрыста мы прызначаныя да жыцця вечнага, умоваю якога з’яўляецца нашае паўстанне з грахоў і ўваскрашэнне да жыцця ў ласцы Божай, гэта азначае прыняццё Божай мiласэрнасці.
Як бачым, таямніца Пасхі — гэта не толькі дар, але адначасова і заданне, якое патрабуе ад нас перайсці да якасна новага жыцця дзяцей Божых. У хаосе і мітусні сучаснага свету мы не можам застацца глухімі да праўды пасхальнай таямніцы, каб яна не прайшла міма нас. Яна павінна стаць часткаю нашага жыцця, каб ужо не мы жылі, але ў нас жыў Езус Хрыстус, як навучае святы апостал Павел…
З’яднаныя ў Хрысце Пану Уваскрослым браты і сёстры!
Ад усяго сэрца віншую вас з радаснай і збаўчай урачыстасцю Уваскрасення Хрыста! Віншую таксама вернікаў іншых хрысціянскіх супольнасцяў, якія разам з намі адзначаюць гэтае свята святаў. Віншую праваслаўных братоў і сясцёр, якія духоўна рыхтуюцца перажыць пасхальныя ўрачыстасці, што будуць адзначаць праз тыдзень. Праўда Уваскрасення Хрыста адна для ўсіх хрысціянаў, і яна кліча нас быць аб’яднанымі, асабліва ў справе абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў.
Віншую ўсіх людзей добрай волі. Няхай гэтае свята, як свята трыумфу жыцця, прынясе больш радасці ў нашае жыццё, зробіць яго больш шчаслівым і ўмацуе надзею.
Даручаючы ўсіх вас апецы Марыі — Маці Збаўцы і нашай духоўнай Маці, — праз Яе заступніцтва прашу Уваскрослага Езуса, каб нашае жыццё было прасякнута духам Пасхі — гэтага пераходу са смерці да жыцця, а мы самі былі людзьмі святла і глыбокай веры, поўнымі ўзаемнай любові. На шлях духоўнага ўваскрашэння ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.