День с «Курьером»

Заззяла нам святая ноч

З Пастырскага паслання на Божае Нараджэнне — 2010

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска­Магілёўскай архідыяцэзіі!

Ад усяго сэрца вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння. На працягу ўжо больш за 2000 год хрысціяне з радасцю і надзеяй скіроўваюць свой позірк да падзеі, якая стала пераломнай у гісторыі чалавецтва…

Узрушаныя веліччу і таямніцай бэтлеемскай ночы, мы становімся перад яслямі, каб разам з Марыяй і Юзафам схіляцца над Збаўцам свету. Яны разважаюць над сэнсам знакаў, якія спадарожнічаюць таямніцы Уцелаўлення. Мы разам з імі разважаем над вобразам загорнутага ў пялёнкі Немаўляці, якое ляжыць у яслях, у якім сам Бог набліжаецца да нас, каб адарыць сваім шчасцем і спакоем.

…Святая ноч Божага Нара­джэння… напоўніла сваім ззяннем не толькі бэтлеемскія яслі, але і ўсё стварэнне, бо, дзякуючы прыйсцю ў свет Божага Сына, чалавек прасвятліўся святлом праўды (пар. Ян 1, 9), — як вучыць святы апостал Ян.

Аднак той жа апостал Ян нагадвае, што Бог прыйшоў да сваіх і свае Яго не прынялі (пар. Ян 1, 11). Гэта азначае, што, нягледзячы на духоўнае святло, якое выпраменьвае Езус Хрыстус, чалавек выбірае грахоўную цемру і любіць яе больш за святло ласкі…

Да цемры сучаснага свету найперш належыць небывалае дагэтуль усемагуцце матэрыяльных каштоўнасцяў і нават іх абагаўленне…

Нездаровае імкненне любым коштам да матэрыяльных каштоўнасцяў дапаўняецца залежнасцю спажывальніцтва, так што чалавек у сваім жыцці кіруецца правілам: зарабляць і траціць. Усё часцей можна ўбачыць рэкламны лозунг: I love shopping — «Я люблю рабіць пакупкі».

Цёмнай ноччу сучаснага свету… з’яўляецца крызіс сям’і: законы, якія, з аднаго боку, дазваляюць забіваць як народжанае, так і ненароджанае жыццё, а з іншага — дазваляюць штучнае апладненне; імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці; імкненне лібералізацыі Божага закону, які па сваёй сутнасці нязменны; выкарыстанне дасягненняў генетыкі ў амаральных мэтах як, напрыклад, імкненне да кланавання чалавечага арганізму ці выкарыстоўванне эмбрыёнаў у касметычнай прадукцыі; нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё і імкненне да так званага бяспечнага сексу, што ўжо прывяло да пандэміі СНІДу; алкагалізм, наркаманія, карупцыя, насілле і многае іншае…

…Чалавек, шукаючы сэнс свайго існавання, свабоды і любові, крыніцай якіх з’яўляецца Бог, звяртаецца не да Яго, але да свету. У ім пачынае панаваць свецкі, а не Божы дух. Вечныя Божыя праўды, адзіныя, якія могуць перамяніць нашае жыццё, сёння перастаюць быць ідэаламі…

У такіх абставінах духоўнай цемры нам свеціць святло Хрыста, якое заззяла больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме. Божае святло прыйшло на зямлю, несучы з сабой Божую праўду і невычарпальны зарад духоўнага аднаўлення, каб развеяць цемру чалавечага сэрца…

Абвяшчаю вам вялікую радасць: нарадзіўся сёння Збаўца (пар. Лк 2, 10­11). Падчас гэтай святой ночы гучыць у нашых касцёлах гэты голас анёла, які таксама з’яўляецца запрашэннем прыняць Збаўцу. Нам нельга заставацца пасіўнымі і толькі чакаць. Нам трэба прыняць Хрыста ў свае сэрцы, у нашыя дамы, вёскі, гарады і ў наш народ.

Урачыстасць Божага Нара­джэння павінна ажывіць у нашых сэрцах агонь веры, каб мы маглі жыць у яго бляску і цяпле, маглі асвятляць ім і саграваць іншых. Як многа дабра мы можам учыніць з Хрыстом, нягледзячы на розныя супярэчнасці, з якімі сустракаемся штодзённа. Толькі Хрыстус надае сэнс усяму таму, што мы робім…

Таму, зачараваны цудам бэтлеемскай ночы, абудзіся, чалавек! Абудзіся з граху, і табе заззяе святло Хрыста!..

О святая і такая доўгачаканая ноч! Ты назаўсёды злучыла Бога з чалавекам! Запалі зноў у нас на­дзею, абудзі здзіўленне, запэўні перамогу любові над нянавісцю і жыцця над смерцю!

Дарагія браты і сёстры!

Яшчэ раз віншую вас з радасным і збаўчым святам Божага Нара­джэння! Віншую католікаў і іншых хрысціян, якія адзначаюць сёння гэтае свята! Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія ўжо зусім хутка будуць праслаўляць уцелаўленне Сына Божага!..

Віншую ўсіх людзей добрай волі! Сын Божы стаўся чалавекам з любові да ўсіх людзей і ўсіх збавіў. Усім вам жадаю шчаслівых святаў Божага Нараджэння. Святаў доб­рых, спакойных і поўных духоўнай радасці. Няхай Езус, які нараджаецца падчас Эўхарыстыі, знойдзе ў нашых сэрцах годнае памяшканне, у якім будзе прыняты з верай і любоўю, з адноўленым захапленнем і спакоем. А свет бэтлеемскай зоркі няхай стане ўказальнікам на нашым шляху да сапраўднага шчасця.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
Мітрапаліт Мінска­Магілёўскі