День с «Курьером»

Уваскрэснуць у Хрысце

«Не бойцеся. Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрос, Яго тут няма» (Мк 16, 6)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, усе людзі добрай волі!

Гэтыя словы Евангелля паводле Марка Касцёл прапануе нашай увазе сёння, ва ўрачыстасць Уваскрасення Хрыста. Евангеліст Лука падае іх наступным чынам: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5-6).

Пабожныя жанчыны прыйшлі да магілы Езуса, каб паводле яўрэйскага звычаю намасціць Яго цела алеем. Аднак замест таго, каб знайсці свайго Настаўніка, яны знайшлі пустую магілу і адсунуты ад яе камень. Збянтэжаныя і ў адчаі, яны думалі, што Яго цела ўкралі ці перанеслі ў іншае месца.

У той жа час анёл ставіць ім фундаментальнае пытанне: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых?»

…Часта мы падобныя да евангельскіх жанчын, якія прыйшлі да пустой магілы Хрыста, і нярэдка шукаем жывога сярод памерлых. Сучасны свет супрацьстаіць прысутнасці Бога на зямлі. Мы можам вызнаваць нашу веру ў Бога, аднак у той жа час жыць так, як быццам Езус не ўваскрос. Шукаем шчасця ў нязгодных з воляй Божай сексуальных задавальненнях і сквапных накапленнях матэрыяльных рэчаў. Забіваем ненароджанае жыццё. Выказваемся за разводы. Падтрымліваем штучнае апладненне і сурагатнае мацярынства. Не захоўваем прынцыпаў хрысціянскай этыкі. З лёгкасцю можам прынізіць годнасць

чалавека. Практыкуем акультызм, магію, варажбу і гэтак далей. Шукаем саміх сябе ў этнічнай ідэнтычнасці, сацыяльным ці эканамічным статусе. Нярэдка хвалімся: «Я добра адукаваны, разумны, не такі, як іншыя; мой заробак большы, чым у іншых; я атрымаў вялікую спадчыну, і ўсё гэта падымае мой статус у грамадстве».

Такім чынам, Бог вельмі часта трактуецца як нейкі талісман. З’яўляецца дадаткам да таго цяпла, якое мы хочам стварыць вакол сябе. Гэта вядзе да змешвання сэнсу з глупствам, праўды з хлуснёй, жыцця са смерцю. Мы на ўсё зга­джаемся, кажам адначасова «так» і «не». Не хочам, каб Бог прыхо­дзіў да нас і быў прысутны ў нашым жыцці. Прымаем Хрыста пад патранатам трох сучасных святых: святога кампрамісу, святога спакою і святой памяркоўнасці. Паводле такога бачання, Бог згаджаецца на ўсё, а Яго прабачэнне не адбываецца паводле прынцыпу навяртання, жалю, пастанаўлення выправіцца і называння зла злом, а дабра дабром. Мы часта думаем, што Ён кажа нам: «Ты ж такі добры і любімы, што пойдзеш у неба, нягледзячы на тое, што б ты ні чыніў».

Усё гэта не што іншае, як здрада Евангеллю. Святы апостал Павел кажа, што ўсё належыць да адноўленага праз Хрыста свету. У ім няма розніцы, бо ва ўсім ёсць Хрыс­тус. Калі мы стараемся адрозніваць сябе паводле сацыяльнага, эканамічнага ці палітычнага статусу, гэтым самым мы здраджваем Евангеллю, здраджваем абвяшчэнню ўваскрасення. Менавіта таму анёл зноў пытаецца ў нас: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых?»

…Гэта праўда, што мы баімся смерці, бо яна азначае цемру. Гэта канец нашай надзеі, старанняў, мараў. Аднак Хрыстус паказвае, што гэта не так. Ён паказвае сябе як святло ў канцы гэтага глыбокага і цёмнага тунэлю. Таму давайце святкаваць гэты дзень! Давайце святкаваць нашае збаўленне! Мы ўжо больш не знаходзімся ў цемры граху, але ў святле Хрыста, якое ніколі не заходзіць.

У адной са школ настаўніца распавядала вучням гісторыю пра Езуса. У класе быў адзін вучань нехрысціянін, для яго ўсё было новае і таму ён слухаў вельмі ўважліва. Калі настаўніца сказала, што Езус быў асуджаны на смерць і прыбіты да дрэва крыжа, хлопец усклікнуў: «Не! Гэта вельмі дрэнна!» Калі, аднак, настаўніца распавяла пра тое, што Езус увас­крос на трэці дзень, то хлопец радасна ўсклікнуў: «О! Няма слоў, якая натхняючая гісторыя!» Калі ў Вялікую пятніцу мы разважалі пра крыжовую смерць Хрыста, то многія з нас звычайна па-чалавечы казалі: «Як кепска і не гуманна!» Сёння мы ўсклікаем зусім інакш: «Якая вялікая надзея, смерць пераможана!» «Вось дзень, які даў нам Пан: парадуемся і ўзвесялімся ў ім!»

Читайте также:  Вот в чем ответ

…Смерць — гэта не канец гэтай гісторыі. Ёсць яшчэ адна частка. Найбольш важная, бо, як кажа прыказка, «смяецца той, хто смяецца апошнім». І ў гэтай частцы гісторыі мы бачым Езуса ўваскрослым у славе. І гэта тая Добрая Навіна, якую нам нясе свята Пасхі…

Сапраўды, Добрая Навіна ё­сць у тым, што праўда Хрыстова несмяротная. Яе можна пераследаваць, можна абвінаваціць у ілжывасці, можна асудзіць, можна пахаваць у магіле і гэтак далей, як гэта было некалькі дзесяцігоддзяў таму на нашай зямлі. Але яна ўваскрэсне на трэці дзень.

Нам неабходна памятаць аб гэтым у наш час новых ганенняў на хрысціянства. Аб чым сведчыць прыняцце ў многіх краінах свету, якія нават ганарацца развітой дэмакратыяй, супярэчных Божаму і натуральнаму закону пастановаў, забарона хрысціянскіх сімвалаў, імкненне ўчыніць веру прыватнай справай чалавека. Сёння няўзброеным вокам бачна ўсё большае праяўленне секулярных і лібералістычных тэндэнцый і прапаганды матэрыяльнага атэізму. Сучасны чалавек усё часцей і часцей адракаецца ад Бога і жыве так, як быццам Яго зусім няма. Гэта шлях у нікуды.

У святле праўды Уваскрасення нам, дарагія браты і сёстры, неабходна памятаць аб несмяротнасці Хрыстовай праўды і ніколі не адмаўляцца ад яе, нават калі іншыя адмаўляюцца, бо праўда заўсёды застаецца праўдай. Як мы верым у тое, што сонца ёсць і свеціць, нават калі за хмарамі яго не бачна, так нам трэба верыць, што праўда Хрыстова існуе, і з ёй трэба лічыцца…

У Ірландыі ў мясцовасці Нью-Грэйндж прыкладна ў 60 кіламетрах ад Дубліна знаходзіцца славутая ў свеце дагістарычная грабніца, збудаваная каля 3000 года да нара­джэння Хрыстовага. Спецыфічным яе элементам ёсць тое, што ў дзень зімовага сонцастаяння 21 снежня падчас усходу сонца яго прамяні праз праход 18-мятровай даўжыні трапляюць на цэнтральнае месца пахавання. Грабніца збудавана так, што на ўсходзе сонца ў самы кароткі дзень яго святло асвятляе месца пахавання на працягу 17 хвілін.

Чаму такая канструкцыя гэтай грабніцы? Ніхто не ведае дакладна. Адна з гіпотэз кажа, што будаўнікі верылі ў тое, што сонечны прамень забярэ душу памерлага ў новае жыццё. Зыходзячы з праўды аб уваскрасенні Хрыста, мы можам сказаць, што яны чакалі Збаўцу і верылі ва ўваскрашэнне. Як сонца вясной абуджае прыроду да новага жыцця, так і ў той грабніцы нават у самы кароткі дзень павінна было быць сонца, каб даць надзею на ўваскрашэнне пахаванага чалавека.

Калі 3000 гадоў да нараджэння Хрыста людзі верылі ва ўваскрашэнне, то якія ж мы шчаслівыя, калі ведаем аб гэтай праўдзе! Таму мы не павінны шукаць жывога сярод памерлых, але жыць праўдай Увас­красення.

Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі Хрыстовай. Віншую ўсіх вернікаў-католікаў і тых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята. Віншую таксама і праваслаўных, якія праз тыдзень будуць спяваць радаснае «Алелюя». Пасха Хрыстова — гэта наша супольнае хрысціянскае свята, якое заклікае нас не шукаць жывога сярод памерлых і радавацца перамозе жыцця. Аб’яднаем нашы духоўныя сілы і намаганні ў абароне Божай праўды, якая вядзе да сапраўднага жыцця і шчасця ў Божай ласцы, якога ніхто і нішто не можа нас пазбавіць.

Віншую ўсіх людзей добрай волі. Езус сваёй крыжовай смерцю і слаўным Уваскрасеннем збавіў усіх людзей, і таму наша радасць мае права быць супольнай.

Усім вам жадаю моцы Уваскрос­лага, Яго уваскрасаючай з магілы граху ласкі; жадаю радасці, шчасця і надзеі.

Няхай радаснае «Алелюя» гучыць у нашых сэрцах і душах, няхай збаўчая Пасха ідзе па зямлі, няхай закране кожнага чалавека, няхай адорыць яго новым жыццём ва ўваскрослым Хрысце!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўвас­крос! І мы павінны ўваскрэснуць да новага жыцця ў Божай ласцы!

Давяраючы ўсіх вас Марыі — Маці ўваскрослога Пана — свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 З Пастырскага паслання Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі