Деловой завтрак

Зачем поэту барометр

Что связывает Якуба Коласа с Радзивиллами и зачем на его письменном столе барометр, рассказала директор Государственного литературно-мемориального музея Якуба Коласа Зинаида Комаровская. И если строки «Мой родны кут, як ты мне мілы…» — это все, что вы помните из написанного Песняром, пора перечитывать классику. Тем более и повод обязывает — в этом году отмечаем 130-летие со дня его рождения

— Ваш музей месціцца ў сядзібе Коласа на Акадэмічнай, 5. Што можна сказаць пра характар гаспадара па інтэр’ерах дома?

— Пра характар Коласа гавораць хіба што яго кабінет ды спальны пакой. Усё вельмі сціпла. На ста­ле недапicаны лiст, гадзiннiк, чарнiльны прыбор, барометр. Па словах Коласа, у яго былi дзве рэчы, якiя павышалi настрой — дождж i ўдала напiсаны верш. Да вайны Колас з сям’ёй жыў у доме, які знаходзіўся на тэрыторыi цяперашняга парка Горкага. Але ў вайну той згарэў. Дзе зараз музей,  Колас пасяліўся пасля вяртання з эвакуацыі ў маі 1945 года. Дом быў драўляны, памерам прыкладна 5 на 9 метраў, меў тры невялікія пакойчыкі і зусім маленькую кухню. Водазабеспячэння не было. Але Коласу гэты дом спадабаўся тым, што знаходзіўся каля Акадэміі навук, дзе ён працаваў. Па-другое, на той час гэта быў ускрай Мінску, дзе захаваліся прыгожыя сосны. Толькі ўлетку 1952 года, да 70-гадовага юбілею паэта, быў пабудаваны прасторны дом на падмурку старога. Атрымаўся катэдж, як зараз гавораць. На першым паверсе размясціліся спальныя пакоі, гасцёўня, сталовая, веранда і кухня, на другім — кабінеты сыноў Данілы і Міхася Міцкевічаў, кабінет і спальня Коласа, вялікая гасцёўня — усяго 319 м² жылой плошчы. Начынне дома рабілі нявесткі. Яны парупіліся, каб ён меў выгляд, адпаведны статусу гаспадара. Сам жа пісьменнік не вельмі добра сябе адчуваў. Быў стомлены стратамі любімай жонкі, сына Юркі, які загiнуў у першыя дні вайны. Да таго ж быў нагружаны грамадскімі справамі, шмат працаваў. Тут ён закончыў паэму «Рыбакова хата», трылогію «На ростанях», многія вершы, апавяданні, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы…

— Была ў Альбуцкай сядзібе Коласа. Дарэчы, экскурсію веў унук Юзіка з «Новай зямлі»: «А гэты Юзік-шаляніца, малы яшчэ, зусім дурніца, так пад нагамі і таўчэцца…»

— У Альбуці Якуб Колас жыў з 1890 па 1902 год. Тут служыў яго бацька — радзівілаўскі ляснік. Гэтае месца апісана ў «Новай зямлі» як Парэчча. Лепей за Юрыя Міхайлавіча Міцкевіча паэму ніхто не прачытае. Ён унучаты пляменнік Коласа. Дарэчы, малодшы сын паэта Міхась Канстанцінавіч — выключны чытальнік. Да таго ж піша эпіграмы. А ён доктар тэхнічных навук, доўгi час працаваў у Акадэміі навук. Зараз нам у музеі дапамагае.

— Да 100-годдзя першай сустрэчы двух народных паэтаў у літаратурна-мемарыяльным комплексе ў Смольні днямі быў усталяваны памятны знак. Нагадайце пра тую сустрэчу Купалы і Коласа.

— Яна адбылася ў жніўні 1912 года. Купала даехаў цягніком да Стоўбцаў. Потым пайшоў пешшу па беразе Нёмана. Але Колас быў у Мікалаеўшчыне. Сястра пайшла па яго, паклікала. Сустрэча паклала пачатак сяброўства Купалы i Коласа. Гутаркі ў той дзень вялі пра літаратуру, палітыку. Колас тры гады сядзеў на Валадарцы за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Выйшаў у 1911-м.

— Апроч узгаданых сядзіб у Альбуці і Смольні захаваліся яшчэ дзве, якія маюць дачыненне да Коласа, — у Акінчыцах і Ластоку. Як турысту патрапіць туды?

— Можна замовіць экскурсію праз музей.

— А праз турфірму?

— Хораша наладжаны турыстычныя маршруты ў Нясвіж і Мір. Мемарыяльныя сядзібы Коласа знаходзяцца паміж. На жаль, іх звычайна абмінаюць. Але гэта ж таксама былыя землі Радзівілаў. Калі турысты завітаюць сюды, яны не толькі ўбачаць, як жыла сям’я Коласа, але і будуць мець уяўленне пра быт тых, хто служыў у Радзівілаў.