Дорога к храму

Беларусь, будзь краінай уваскрасення!

01-01 Хрыстус уваскрос — сапраўды ўваскрос!

01-01 Глыбокапаважаныя браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

Гэтым пасхальным воклічам сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым, самым вялікім і найбольш важным хрысціянскім святам Уваскрасення Хрыста! Гэтае свята мы адзначаем з радасцю па трох наступных прычынах. Праўда ўваскрасення Хрыста з’яўляецца падмуркам хрысціянскай веры. Яна — гарантыя нашага ўваскрашэння, дае надзею і падтрымку ў жыццёвых цяжкасцях. Яна таксама нагадвае нам, што варта жыць, бо перад намі перспектыва шчаслівай вечнасці…

Мы скончылі Вялікі пост — час навяртання і паўстання з нашых грахоў. Сёння перажываем збаўчы і радасны дзень Пасхі, які нагадвае нам аб тым, што ў грахоўнай цемры засвяціла нязгаснае святло Уваскрасення. Гэтая праўда з’яўляецца Божым дарам чалавецтву, якога нельга ацаніць, і адначасова заданнем, каб ім жыць. Кожны дзень мы, падобна феніксу, павінны ўваскрасаць з нашых грахоў і аднаўляцца ласкай уваскрослага Хрыста.

Неўзабаве пройдуць святы, і ізноў распачнецца звычайнае жыццё. Ці ўвойдзем мы ў яго з праўдай Уваскрасення? Вось пытанне, якое сёння стаіць перад намі. Бо калі святы прыходзяць і адыходзяць, нічога не пакідаючы ў нашых сэрцах, то гэта знак таго, што наша вера з’яўляецца павярхоўнай і не закранае глыбіні сэрца, не вядзе да сапраўднай еднасці з Хрыстом і да нашага ўдасканалення…

«Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш нябесны» (Мц 5, 48), — заклікае нас Хрыстус. А імкнуцца да дасканаласці азначае не паддавацца спакусам злога духа і пастаянна яго перамагаць.

Гэта нялёгкае заданне, і нам самім гэта не пад сілу. Нездарма Езус кажа, што без Яго нічога не зробім (пар. Ян 15, 5). Нам патрэбна Яго дапамога, і Ён праз Касцёл, у якім жыве, спяшаецца з ёю да нас. Неабходна толькі яе прыняць…

Зважаючы на вельмі небяспечныя выклікі нашага часу, кожны з нас асабіста і наша Айчына — Беларусь — патрабуем Хрыста, каб дапамог супрацьстаяць ім.

Нам патрэбны ўваскрослы Езус, каб бараніў нас перад цем­рай бязвер’я і холадам абы­якавасці, які ўсё больш і больш апаноўвае свет. Найбольш небяспечным ворагам хрысціянства з’яўляецца не ваяўнічы атэізм, бо там мы ведаем, хто нам супрацьстаіць, але абыякавыя сэрцы сучасных хрысціян без моцнай веры і хрысціянскага сведчання.

Нам Ён патрэбны, каб пастаянна перамяняў нашыя сэрцы і чыніў адважнымі сведкамі ў духоўнай цем­ры секулярызму.

Читайте также:  Ўсё можам у Хрысце

Нам патрэбны Хрыстус у нашых сем’ях, калі дэвальвуецца Богам устаноўлены інстытут сям’і як адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай супольнага жыцця, узаемнай дапамогі, працягу патомства і яго выхавання, а разводы і распуста лічацца праявай свабоды…

Нам патрэбны Уваскрослы, каб вучыў нас клопату пра найбольш каштоўны Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця. Нашыя сем’і, асабліва маладыя, павінны быць адкрытымі на пакліканне да адказнага бацькоўства.

Нам патрэбны Хрыстус, каб бараніў дзяцей і моладзь. Няўзброеным вокам бачна, як шмат драматычных праблем з’яўляецца ў іх жыцці. Бацькі ж павінны адзначацца адвагай і ўменнем выхоўваць іх у Божай праўдзе, знаходзіць для іх час і быць аўтэнтычнымі сведкамі Евангелля.

Нам патрэбны Езус у нашым грамадскім жыцці, дзе расце алкагалізм, наркаманія, карупцыя, усё больш праяўляецца эканамічны крызіс, паўстаюць розныя канфлікты, у тым ліку сацыяльная і палітычная напружанасць, працоўная міграцыя, якая негатыўна ўплывае на крызіс сям’і і страту веры і гэтак далей. Наша грамадства павінна быць насычана ня­зменнай праўдай Евангелля і Божай ласкай, каб на іх, як на непахісным падмурку, будаваць будучыню.

Нам патрэбны Уваскрослы, каб дапамагаў разбудзіць пачуццё адказнасці за нашу Айчыну і салідарнасці паміж яе жыхарамі, каб паміж усімі панаваў дух узаемнай любові і згоды…

Дарагія браты і сёстры! Усе лю­дзі добрай волі!

Віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Хрыстовай Пасхі! Віншую католікаў і іншых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята святаў! Няхай велікодная радасць напоўніць нашыя сэрцы надзеяй і ласкамі ўваскрослага Пана!

Са словамі асаблівай павагі звяртаюся да нашых праваслаўных братоў і сясцёр, якія праз ты­дзень будуць адзначаць свята Уваскрасення Хрыста! Жадаю ім так перажыць Страсную сядзміцу, якая распачынаецца, каб яна ўвяла ў сапраўдную радасць пасхальнага «Аллелюя».

Уваскрослы Езу, адары нашу Айчыну, Беларусь, патрэбнымі ёй ласкамі, каб яна была краінай духоўнага ўваскрасення, якое з’яўляецца гарантыяй гарманічнага жыцця на зямлі паводле Божага плану і шчаслівай вечнасці. Жадаю ўсім вам, суайчыннікі і ўсе людзі добрай волі, шчаслівых, поўных Божай ласкі і Яго супакою святаў Уваскрасення Хрыста.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

(З пастырскага паслання на Вялікдзень)