С праздником!

Дазвольце Яму прыйсці

09-01-01-148З пастырскаго паслання на Божае Нараджэнне 2016

«Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся!» Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі! Сардэчна вітаю вас усіх гэтым святочным воклічам і віншую з радасным і поўным духоўнага зместу святам Божага Нараджэння, калі мы адзначаем таямніцу Уцелаўлення Сына Божага.

Сёлетнія разважанні пра цуд Бэтлеемскай ночы, які меў месца больш за 2000 гадоў таму, дазвольце распачаць наступным аповедам. Падчас калядных адведзінаў святар пастукаў у дзверы аднаго дома. Ніхто не адказаў, хаця было чутна, як працуе радыё. Ён пастукаў мацней. Тое самае. Трэці раз. Нічога. Тады ён узяў сваю візітоўку і напісаў на ёй словы за Святога Пісання: «Вось, стаю каля дзвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён са Мною» (Ап 3, 20).

У наступную нядзелю святар убачыў сваю візітоўку ў кошыку з ахвярамі, якія збіраюцца падчас набажэнства. Там было напісана: «Я бачыў цябе праз акно, але пабаяўся адчыніць дзверы».

Гэты аповед мае цесную сувязь з таямніцай Уцелаўлення і прыняцця яе людзьмі… Гісторыя Бэтлеемскай начы не завяршылася. Яна паўтараецца. Езус і сёння стукае ў дзверы нашых сэрцаў і хоча нас адведаць, хоча знайсці ў іх месца, хоча быць з намі, хоча адарыць нас сваім словам і збаўчай ласкай.

Ці адчыненыя дзверы нашых сэрцаў? Ці чакаем мы Езуса? Ці ахвотна мы Яго прымаем? Гэтае пытанне сёння з’яўляецца як ніколі актуальным. Бог мае свой план адносна кожнага з нас. Ён няспынна дзейнічае ў гісторыі. Услухаемся толькі: Ён стукае ў дзверы нашых сэрцаў. Ці гатовыя мы адчыніць?..

У нашым жыцці мы заўсёды чагосьці жадаем і да чагосьці імкнёмся. Найчасцей хочам быць багатымі, славутымі, папулярнымі. Гэта натуральна, бо чалавек імкнецца да лепшага жыцця і хоча ўдасканальвацца. Аднак мы доб­ра ведаем, што спаўненне ўсіх гэтых жаданняў не можа нас задаволіць да канца, аб чым сведчыць штодзённае жыццё.

Таму нашым самым запаветным жаданнем павінна быць імкненне дасягнуць таго, што будзе працягвацца вечна… Каб быць сапраўды шчаслівым, чалавек павінен жадаць

вечнага Бога…

Сучасны свет усё больш і больш акунаецца ў розныя крызісы, ліхаманкава шукае выйсця з іх і, абапіраючыся толькі на свае чалавечыя сілы і магчымасці, не можа знайсці. Прычыну ўсіх крызісаў найперш неабходна шукаць у маральным крызісе, які завалодаў чалавецтвам, а выйсце — у Божай дапамозе. Не без прычыны Езус сказаў, што без Яго нічога не зможам зрабіць (пар. Ян 15, 5).

А быць з Ім азначае жыць паводле Божага закону. Нярэдка можна пачуць, што Божы закон абмяжоўвае свабоду чалавека. Аднак ні­хто не кажа, што дарожныя знакі абмяжоўваюць свабоду вадзіцеля. Яны патрэбныя для таго, каб бяспечна весці аўтамабіль і даехаць да мэты нашага падарожжа. Падобна і Божы закон дадзены не для абмяжоўвання свабоды чалавека, але для яго дабра, каб ён мог бяспечна дайсці да мэты свайго зямнога падарожжа ў шчаслівую вечнасць…

Браты і сёстры!

У гэтае радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння сардэчна віншую ўсіх вас і жадаю, каб Езус сваёю ласкай нарадзіўся ў вашых душах і быў прысутны на вашых жыццёвых шляхах як той, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ян 14, 6).

Віншую хрысціян іншых канфесій, якія сёння святкуюць з намі Божае Нараджэнне. Жадаю ім поўні святочнай радасці і дароў Нованароджанага Збаўцы. Няхай наш супольны спеў «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14) напаўняе нашу Айчыну.

Са словамі сардэчнага прывітання і найлепшых пажаданняў звяртаюся да праваслаўных братоў і сясцёр, якія перажываюць Адвэнт. Няхай ён стане для вас благаслаўлёным часам падрыхтоўкі да святаў Божага Нара­джэння паводле Юліянскага календара, каб праз два тыдні мы аб’ядналіся ў супольным святкаванні радаснай таямніцы Уцелаўлення Сына Божага.

Віншую ўсіх людзей добрай волі. Каляды належаць усяму свету, бо Сын Божы стаўся чалавекам дзеля збаўлення ўсіх людзей.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі