Дорога к храму

Ўсё можам у Хрысце

06-02-01-43 Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

06-02-02-43Глыбокапаважаныя святары, кан­сэкра­ва­ныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі, жыхары Беларусі! Сардэчна вітаю і віншую ўсіх вас гэтым пасхальным воклічам з радасным і збаўчым святам Уваскрасення Хрыста, калі нашы сэрцы і думкі зачараваны перамогай Езуса над грахом, смерцю і злым духам…

Калі праз сакрамэнтальнае жыццё мы з’яўляемся ўдзельнікамі гэтай перамогі, то ведаем, хто ёсць наш Бог. Гэта не фальшывыя богі сучаснага свету — поспех, кар’ера, грошы, наркотыкі, алкаголь і г. д., але сапраўдны Бог, якім з’яўляецца ўвас­крослы Езус Хрыстус. Ён учыніў нас свабоднымі і кажа, што толькі праўда нас вызваліць (гл. Ян 8, 32). Ён сам з’яўляецца гэтай праўдай, і толькі Ён можа нас вызваліць ад ідалаў, фальшывых бажкоў і адарыць сваім супакоем і радасцю. Святкуючы Пасху, мы павінны задумацца над тым, што прапануе свет і Хрыстус.

Сучасны свет не звяртае ўвагі на духоўныя справы, але засяроджаны на тым, што бачна і што можна дасведчыць. Гэта яго бог… Таму свет зна­хо­дзіцца ў нябачным дагэтуль маральным крызісе. Падаецца, што злы дух і зло перамагаюць. Пагаршаецца сацыяльна-палітычная сітуацыя, нарастае пагроза тэрарызму і гвалту, павялічваецца колькасць забойстваў жыцця ва ўлонні маці, сям’я перажывае вялікі крызіс, міграцыя становіцца сапраўдным бічом, распаўсюджваюцца фальшывыя вучэнні і ідэалогіі, павялічваецца ўплыў матэрыялізму і эгаізму, пануе абыякавасць да чужых праблем… Сацыёлагі кажуць, што чалавецтва ад эпохі постмадэрнізму перайшло ў эпоху постпраўды, калі ілжывасць больш папулярная, чым праўда. Усё гэта вядзе ў тупік і не дапамагае ў вырашэнні новых праблем. У той жа час радаснае пасланне Вялікадня, якое з’яўляецца нязменнай Божай праўдай, гучыць ясна: «Езус наш Збаўца! Ён наш Бог і праўда!» Такім чынам мы знаходзімся перад выбарам: «Бог або нічога»… Мы самі не можам змяніць свет. Мы не маем сілы змяніць сэрцы і думкі мільёнаў людзей. Але з Божай дапамогай можам змяніць саміх сябе. А змяняючы сябе, мы будзем змяняць свет. Езус Хрыстус з’яўляецца гарантыяй нашай перамогі, бо мы ўсё можам у Хрысце, які нас умацоўвае (гл. Флп 4, 13), вучыць св. апостал Павел…

Читайте также:  Душа радуется

Прыказка кажа: замест таго каб праклінаць цемру, трэба запаліць свечку. Таму, замест таго каб толькі наракаць на зло, якое апанавала свет, неабходна самім перамяніцца, уваскрэс­нуць са сваіх грахоў, каб стаць маякамі святла і надзеі ў сучасным свеце… Дарагія браты і сёстры! Віншую вас са святам Пасхі Хрыстовай! Віншую ўсіх хрысціян — католікаў, праваслаўных і пратэстантаў, бо сёлетняя Пасха з’яўляецца сумесным святкаваннем перамогі Хрыста! Віншую людзей добрай волі! Няхай велікодная праўда дапамагае нам адказваць на выклікі сучаснасці. Няхай умацоўвае, каб мы жылі згодна з абяцаннямі хросту і з духам Евангелля. Няхай яе перамяняючая радасць, благаслаўленне і навізна дасягне нашых дамоў, сем’яў, месцаў працы і вучобы і ўсёй нашай Бацькаўшчыны! А ўвас­крослы Езус сваёй ласкай няхай дапамагае нам зведваць штодзённае ўваскрашэнне да новага жыцця і толькі Яго прызнаваць сваім Богам.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі