Свет Рождества

Дар любові, жыцця і святла

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

«Дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Спрадвечны Айцец, Князь Спакою». Гэтымі словамі прарок Ісая абвяшчае нараджэнне доўгачаканага Збаўцы, як караля сусвету.

Гэтыя словы таксама могуць асацыявацца з нараджэннем пераемніка трону ў адной з каралеўскіх сем’яў. Прароцтва Ісаі знаходзіць сваё завяршэнне не ў нараджэнні наступніка каралеўскага трону, але ва ўцелаўленні Божага Сына, які быў пакладзены ў яслях, бо Яму не было месца ў заездзе.

Напэўна, нараджэнне дзіцяці ў такіх абставінах не было найлепшым варыянтам прыйсця чалавека ў свет. Але калі Сын Божы нарадзіўся ў такім сціплым месцы, то мы маем права спытаць сябе: што аб гэтым думаў сам Бог?

Больш за тое, праз некалькі дзён, у свята святых Немаўлят, мучанікаў, Евангелле прыгадае нам аб тым, што Езус стаў бежанцам, бо трэба было ўцякаць у Егіпет ад забойчай рукі Ірада. Потым, будучы маладым чалавекам, перад якім яшчэ ўсё жыццё, Ён памрэ на крыжы, як злачынца.

Калі мы разважаем пра Нара­джэнне Езуса ў бэтлеемскіх яслях з перспектывы Божага плану, то трэба падкрэсліць, што ў ім праявілася Яго бязмежная любоў да чалавека.

Чынячы свайго адзінароднага Сына ўразлівым, Бог праявіў салідарнасць з усім чалавецтвам. Яго любоў не абмяжоўваецца тымі, хто нарадзіўся ў багатай і знатнай сям’і. Яна не залежыць ад легальнага і сацыяльнага статусу чалавека. У вачах Бога кожны з нас з’яўляецца найбольшай каштоўнасцю, створанай па Яго вобразу і падабенству асобай.

Таму зусім слушна Святы Айцец Францішак кажа, што Еўропа не з’яўляецца зборам лічбаў і інстытуцый, да чаго імкнуцца сучасныя свецкія прагматычныя тэндэнцыі, але складаецца з асобаў.

Як створаныя па Божаму вобразу і падабенству асобы, сёння мы павінны засяродзіцца на праўдзе Бэтлеема, якая праявілася ў бязмежнай любові Бога да чалавека, Божым дары жыцця і значэнні боскага святла.

Падобна Хрысту, праз сведчанне іншым людзям любові, міласэрнасці і спагады нябеснага Айца мы пакліканы даваць надзею свету. Мы можам учыніць гэта, наследуючы Яго прыклад самаадданай любові ў служэнні бліжнім.

Сённяшняя ўрачыстасць вучыць нас таму, што кожнае жыццё — гэта Божы дар. Годнасць чалавечага жыцця ўкаранёна ў Божай любові да яго і пакліканні да вечнага шчасця.

Таму свята Божага Нараджэння — гэта свята жыцця. У той жа час мы з’яўляемся сведкамі ўкаранення культуры смерці. Гэта найперш практыка забойства ва ўлонні маці ненароджанага жыцця, якая ўзаконена і распаўсю­джваецца і вядзе да пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі, з усімі вынікаючымі з гэтага негатыўнымі наступствамі. Да яе далучаецца ўсё яшчэ не вырашаная праблема смяротнага пакарання.

Усё гэта заклікае ўсіх нас, найперш бацькоў, урачоў і заканадаўцаў, дазволіць быць перамененымі бязмежнай Божай любоўю, якую мы сёння святкуем і якая вядзе да таямніцы жыцця, як самага каштоўнага Божага дару. Яго даў Бог, і толькі Ён адзін мае права ім распараджацца.

Касцёл цвёрда стаіць на пазіцыях абароны жыцця ад яго зачацця аж да натуральнай смерці.

Традыцыйна ў яслях мы размяшчаем ліхтар, бо ў памяшканні, дзе жывуць людзі, павінна быць святло. Але калі мы ўсведамляем, што Езус з‘яўляецца святлом свету, то гэты маленькі ліхтар з’яўляецца сімвалам святла, якое асвятляе свет, а не толькі ўнутраную частку ясляў. Мы павінны ўчыніць усё магчымае, каб гэтае святло заўсёды свяціла, нас асвятляла і сагравала. Нельга дазволіць, каб яго згасілі ветры бязвер’я сучаснага свету і духоўнай абыякавасці.

Гэтага патрабуе сучасны свет, у якім у імя роўнасці, талерантнасці і правоў чалавека забываецца пра тое, што і Бог, як наш Створца і Збаўца, таксама мае свае правы — гэта Ягоны закон, які з’яўляецца першасным і пераўзыходзіць усе зямные законы. Непрыняцце гэтай праўды вядзе да маргіналізацыі хрысціянства з мэтай стварэння новага сусветнага парадку без Бога.

З мэтай пазбегнуць такіх і падобных праблем мы павінны імкнуцца да стварэння моцнай хрысціянскай культуры ў нашых сем’ях, асяроддзі і ўсёй беларускай нацыі. Маральная сіла народа павінна стаць дамінуючым азімутам нашай дзейнасці. Пры гэтым трэба памятаць аб тым, што захаванне этычных прынцыпаў служыць дабру грамадства, а еўрапейскую цывілізацыю і яе гуманізм стварае Евангелле, а не парламенцкая большасць.

Дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі!

Сардэчна віншую вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстова! Святам любові, жыцця, святла і надзеі!

Няхай яно стане часам разважання над таямніцай уцелаўлення Бога, як таямніцай Яго бязмежнай любові да чалавека, таямніцай Божага дару жыцця, які мы павінны сцерагчы як зрэнку вока, і таямніцай Божага святла, якое прасвятляе цемру граху, каб адарыць нас новай надзеяй.

Віншую хрысціян, якія разам з намі святкуюць гэтае свята!

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія перажываюць Адвэнт і рыхтуюцца да падобнага свята! Сустрэча Папы Францішка і Патрыярха Кірыла ў мінулым годзе, сёлетняе пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы ў Мінску, шматлікія кантакты і сумесныя мерапрыемствы заклікаюць нас да сумеснага хрысціянскага сведчання і абароны духоўных каштоўнасцяў перад небяспечнымі выклікамі сучаснасці.

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Жадаю вам, каб Езус сваёй ласкай штодзённа нараджаўся ў вашых сэрцах!

Няхай Каляды і наступаючы Новы, 2018 год будуць напоўненыя духоўнай радасцю і Хрыстовым супакоем! Ты ж, наша Радзіма Беларусь, беражы Божы дар жыцця, умацоўвай узаемную любоў, не гасі святла Бэтлеемскай зоркі, каб быць шчаслівай і магутнай.

Як знак духоўнага адзінства дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай і свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амэн.

З Пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2017