АртеФакты

Касмічны палёт у Прудок

На Камернай сцэне Купалаўскага тэатра з поспехам ідзе прэм’ера «Радзіва «Прудок» па кнізе Андруся Горвата. Рэжысёр пастаноўкі акцёр тэатра Раман Падаляка

— Раман, чым вас так уразіла кніга «Радзіва «Прудок», што вырашылі паставіць па ёй спектакль?

— Андрэй працаваў дворнікам у нашым тэатры, і мы з ім крыху пазнаёміліся. Ён ужо тады рабіў запісы ў Facebook, з якіх потым склалася кніга. Яе прэзентацыя была ў Купалаўскім. Мяне кранулi цеплыня, вельмі шчыры расповед чалавека пра сябе і тое, што яго хвалюе, любоў да малой ра­дзі­мы, незвычайны фармат дзённіка. Андрусь вельмі таленавіты чалавек. Я арганізаваў у Інтэрнэце радыёстанцыю «Радзіва «Прудок», дзе трансліравалi выключна беларускую музыку. Гэты ланцуг ­падзей і падштурхнуў рухацца далей — ставіць спектакль. Тым больш выіграў конкурс эксплікацый рэжысёрскіх работ, які праводзіла Міністэрства культуры, і атрымаў грант. Падтрымаў па­ста­ноў­ку і вядомы мабільны аператар.

— Ці раіліся з Горватам падчас працы над пастаноўкай?

— Андрэй сказаў: «Рабіце што хочаце», таму мы працавалі з тэкстам самі. Самае складанае — пераўтварыць дзённікавыя запісы ў інсцэніроўку. У кніжцы ў нас ёсць любімыя ўрыўкі, якія хацелі паказаць у спектаклі, але ўсе іх змясціць немагчыма. Штосьці адсякалі, потым вярталі і зноў адсякалі. Гэта быў доўгі працэс — дзесьці паўгода працаваў з матэрыялам, трошкі дапісаў тэкст.

Малую сцэну Купалаўскага ў ліпені закрылі для рэпетыцый наступнага праекта, таму паказ «Радзіва «Прудок» на час прыпынілі. Але з верасня спектакль з’явіцца ў афішы. 7 ліпеня тэатр адправіўся ў незвычайнае турнэ: эксклюзіўныя паказы пастаноўкі прайшлі ў палескіх Калінкавічах. Спектакль быў прадэманстраваны ў 20 км ад вёскі Прудок, якую зрабіў знакамітай пісьменнік Андрусь Горват.

— Тэатральная версія атрымалася пра космас і ўнутраны свет чалавека. Чаму?

— У кнізе шмат сацыяльнага, але мяне зачапіў погляд чалавека на сусвет, яго творчая натура. Андрусь паехаў у вёску і паказаў нам яе сваімі вачыма. Калі б я пісаў пра сяло, у мяне атрымалася б кніга жаху: адзін сусед павесіўся, другі лёг пад цягнік і яму адрэзала ногі, трэцяму адарвала касілкай на полі руку, чацверты напіўся, зваліўся ў возера і патануў. А ён у простых рэчах бачыць нейкі космас. Яго ўспрыманне свету і ёсць рухавік гэтай гісторыі. Любое сцэнічнае вырашэнне патрабуе метафарычнасці, таму калi ёсць тэма космасу, будзе і сапраўдны касманаўт.

— Складана ствараць космас на сцэне?

— Над сцэнаграфіяй мы працавалі разам з маладой мастачкай Кацярынай Шымановіч. Мне не хацелася рабіць дакументальны тэатр і ствараць на сцэне Прудок, апранаць герояў у тое, што но­сяць вяскоўцы. Хацелася адарваць гісторыю ад зямлі. Хаця з тэхнічнага боку было складана рэалізаваць задуманае. На­прыклад, зрабіць зорнае неба, каб яно не выглядала, як на дзіцячым ранішніку, прыдумаць стыльныя ві­зуаль­ныя эфекты.

Читайте также:  Сна видение

— Ці плануеце пераводзіць спектакль на Вялікую сцэну?

— Гэта не мае сэнсу. Я разумею: попыт гледачоў вельмі вялікі, а зала маленькая. Але мне вельмі важна захаваць кантакт паміж акцёрамі і гледачамі.

— У спектаклі ролю Андруся Горвата выконвае Міхаіл Зуй, а Святлана Анікей і Дзмітрый Есяневіч пераўвасабляюцца адразу ў некалькіх персанажаў…

— Спектакль ствараў са сваімі сябрамі і аднадумцамі, якім таксама спадабалася кніга. Пастаноўка — гэта наш сумесны прадукт. У мяне не было на мэце браць людзей і кіраваць імі. Я цвяроза ацэньваю сябе як рэжысёра. А іграць некалькі роляў у адным спектаклі для акцёра вельмі цікава, ёсць магчы­масць паказаць шырокі дыяпазон сваіх здольнасцей. Мне вельмі падабаецца такі тэатральны прыём.

— Крытыкі і гледачы добра ацанілі пастаноўку. А вы задаволены сваёй працай?

— У спектаклі ёсць вельмі добры энергетычны пасыл. Усім хочацца ведаць, што ў нашым жыцці ёсць сэнс, што наша існаванне не дарэмна. За намі стаяць продкі, наперадзе — нашы дзеці. Пастаноўка эмацыянальна ўздзейнічае на людзей, і гэта добра. Мне не сорамна за яе.

— Квіткі на прэм’ерныя паказы ў маі і чэрвені былі раскуплены за лічаныя гадзіны. Як вы ставіцеся да ажыя­тажу?

— Кажучы сучаснай мовай, гэта хайп кнігі, а не спек­так­ля. Усе хочуць пабачыць інсцэніроўку літаратурнага твора. Спадзяюся, што поспех кнігі аб’яднаецца з поспехам спектакля. Чуў, што некаторыя вярталіся за квіткамі, каб яшчэ раз паглядзець пастаноўку.

— Як вы лічыце, чаму кніга «Радзіва «Прудок» стала бестселерам? У чым яе феномен?

— Гэта трэба спытаць у Андрэя. Многія казалі: «У мяне ў вёсцы столькі гісторый, магу за вечар напісаць такую кнігу і выдаць яе». Адказваю: «Напішы і выдай». Адлег­ласць паміж тым, што хачу і што раблю, вялікая. Большая частка літаратурнай суполкі крытычна ўспрыняла твор, казалі, што гэта графаманства, фэйсбучныя запісы. Я з гэтым не згодны і бачу зайзд­расць. Феномен у тым, што чалавек зрабіў тое, што хацеў, і гэта лю­дзям спадабалася, знайшло водгук у іх сэрцах.

— Плануеце яшчэ ставіць спектаклі?

— Быць рэжысёрам — нялёгкая справа з тэхнічнага пункту гледжання, асабліва на галоўнай тэатральнай сцэне краіны. Я не збіраюся пераходзіць з адной прафесіі ў другую. Мне падабаецца быць акцёрам. Але калі з’явіцца нейкі цікавы праект і падтрымаюць адна­дум­цы, магчыма, паспрабую зноў.

Андрусь Горват — журналіст. У 2014-2015 гадах працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры. Потым з’ехаў на ПМЖ у палескую вёску Прудок аднаўляць дзедаву хату. Сваімі думкамі пра жыццё, уражаннямі і назіраннямі за вяскоўцамі і сусветам дзяліўся ў Facebook. З гэтых запісаў склаў кнігу «Радзіва «Прудок», якая выйшла ў свет у канцы 2016-га і стала бестселерам. Агульны тыраж — 4 тысячы экзэмпляраў.