АртеФакты

Адлюстраванне душы народа

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін распавёў, як з цягам часу мяняецца ўстанова і якія адносіны складваюцца з гледачамі

Родны кут

— Купалаўскі тэатр сыграў вырашальную ролю ў маім жыцці. Гэта лёс. Мне пашанцавала трапіць сюды ў 1985 годзе. Валерый Мікалаевіч Раеўскі, былы мастацкі кіраўнік, запрасіў мяне рэжысёрам. З таго часу Купалаўскі лічу сваім домам, нягледзячы на тое што ў 1998-м з’ехаў у Пецярбург і працаваў 12 год у Вялікім драматычным тэатры імя Г. А. Таўстаногава з цудоўнымі артыстамі: Алісай Фрэйндліх, Алегам Басілашвілі, Кірылам Лаўровым. Але мне заўсёды хацелася дадому, і калі запрасілі ў Купалаўскі, з задавальненнем вярнуўся ў 2009 годзе. ­Разам з тэатрам прайшлі рэканструкцыю. Шчаслівы, што ўдзельнічаў у гэтым працэсе. Мы спраектавалі цудоўны тэатр. Але сутнасць яго не змянілася — ён па-ранейшаму адпавядае ментальнасці беларусаў, выказвае іх думкі і пачуцці. Купалаўскі на працягу ўсёй сваёй гісторыі застаецца тэатрам буйных артыстаў, моцных зорак. Таму ў нас на кожным спектаклі поўная зала.

Мікалай Пінігін — рэжысёр, паставіў больш за 50 спектакляў у розных тэатрах. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. 

Місія людзьмі звацца

— Мы першы беларускі тэатр па факту і па сутнасці павінны быць такім. Для мяне нацыянальны тэатр той, які ментальна адпавядае нацыі. І не проста адпавядае, а вядзе за сабой. У 1920 годзе, калі быў створаны БДТ, тут ставілі Коласа, Купалу і іншых геніяў. Была адна ідэя — людзьмі звацца. І мы падтрымліваем традыцыі. Паглядзіце на афішу: «Паўлінка», «Пінская шляхта», «Пан Тадэвуш», «Радзіва «Прудок», «Запалкі», «Местачковае кабарэ», «Дзве душы», «Чорная панна Нясвіжа», «Людзі на балоце», «Не мой»… Гэта спектаклі па творах беларускіх аўтараў — маладых і класікаў. Ставім і сусветнавядомую драматургію: «Рэвізор», «Чайка» і іншае. Але перш за ўсё думаем пра тое, што мы нацыя­нальны тэатр. І людзі ўсё больш і больш цікавяцца ім. Беларусы хочуць ве­даць, хто яны. А мы якраз і займаемся асветай. Гэта важная частка нашай працы. Сёння Купалаўскі — адзіны тэатр, дзе штовечар гучыць беларуская мова.

Сямейная гісторыя

— Для кожнага спектакля выбіраю артыстаў, якія адпавядаюць канкрэтнай ролі, той, што драматург напісаў. Кастынгу не право­джу. Гэта амерыканская гісторыя, а ў нас калектыў — адна сям’я. Гэта і добра, і дрэнна. Таму што маці, напрыклад, не скажаш, што яна старая і не можа нешта рабіць. У маім ра­зу­мен­ні сям’я — гэта калі хочаш даць артыстам працу. Таму ў мяне заўсёды два склады ў спектаклях. Гэта не вельмі зручна для рэжысёра, таму што адначасова даводзіцца рабіць амаль дзве пастаноўкі, але вельмі добра для акцёраў. Яны заўсёды занятыя.

Шчыры кантакт

— Я раблю спектаклі эгаістычна — тое, што мне цікава сёння. Самае галоўнае ў мастацтве — быць шчырым з самім сабой і з гледачом. Калі людзям цікава адначасова са мной, я шчаслівы. Калі брава не кры­чаць, значыць, штосьці не тое зрабілі. У мяне няма адчування гледача — не ведаю, хто прыходзіць у тэатр. Таму плануем сустракацца з зацікаўленымі людзьмі, ствараць клуб сяброў Купалаўскага. Раней у мяне не было на гэта часу, а зараз у нас з’явіўся аддзел менеджменту.

Час прэм’ер

— Адкрые новы, 99-ы тэатральны сезон спектакль «Сон на купальскую ноч». З’явіцца ў нашым рэпертуары і сусветная сучасная класіка — п’еса ірландскага драматурга Марціна МакДонаха. Спектакль «Вешальнікі» паставіць мой вучань Віталь Краўчанка. Увогуле, наступны сезон будзе маіх студэнтаў і выпускнікоў. Так, Алена Ганум рыхтуе «Шляхціча Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. Сяргей Кавалёў напісаў добрую п’есу па гэтаму твору. Дзмітрый Цішко бу­дзе рабіць «Ураджай» беларускага драматурга Паўла Пражко.

Мяне зацікавіў раман Сяргея Пясецкага «Яблычак», па якому пастаўлю спектакль «Блатны і фраеры». Гэта Менск 1918 года, безуладдзе. Пануюць злодзеі, прастытуткі, шніферы… Карацей, блатныя і фраеры. Думаю, цікавая гісторыя атрымаецца. У перспектыве буду аднаўляць «Тутэйшых» — да 100-годдзя тэатра ў 2020-м.