День с «Курьером»

Шлях да поспехаў

У сталіцу Беларусi прыехала моладзь з 8 краін вучыцца размаўляць па-беларуску

Міжнародная летняя школа беларусістыкі ў чацвёрты раз сабрала слухачоў. У гэты раз на працягу двух тыдняў госці з Расіі, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Італіі, Латвіі, ЗША і Кітая будуць наведваць лекцыйныя і практычныя заняткі па фанетыцы, граматыцы, развіццю вуснай і пісьмовай мовы. Яны паспрабуюць прааналізаваць гістарычную і культурную спадчыну Беларусі ў дыскусійных групах, на майстар-класах, падчас экскурсій. Замежныя слухачы наведаюць музеі-запаведнікі «Заслаўе», «Нясвіж», Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і іншыя.

У якасці лектараў выступяць вядомыя беларускія даследчыкі. Яны пазнаёмяць удзельнікаў школы з актуальнымі пытаннямі і праблемамі беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства.

Навучанне будзе ажыццяўляцца па трох праграмах, разлічаных на розны ўзровень моўнай падрыхтоўкі. Прадугледжаны асобныя групы для тых, хто вывучае беларускую мову з нуля, і індывідуальныя заняткі для слухачоў прасунутага ўзроўню.