Музыка

Лавіць гукі

Vuraj

Мінскі гурт Vuraj запісаў палескі альбом у студыі намінанта на прэмію «Грэмі». Лідэр каманды, спявак, лірнік, мультыінструменталіст Сяржук Доўгушаў распавёў пра тое, куды знікаюць носьбіты беларускіх традыцый і чаму мы няправільна ладзім вяселле

Энцыклапедыя Палесся

Новы альбом Lito, які прэзентавалі 1 лістапада ў Мінску, не першы ў біяграфіі калектыву, але, напэўна, самы складаны. На стварэнне дзевяці кампазіцый спатрэбілася чатыры гады экспедыцый па палескіх вёсках і мястэчках, нібыта згубленых у часе. Як музыкі збіралі і запісвалі старадаўнія беларускія спевы?

— Заходзім у вясковую краму і пытаемся: хто ў вас тут спявае? Так траплялі на людзей, да якіх не прыязджалі ні этнографы, ні журналісты. У хаты заходзілі асцярожна, з парога не прызнаваліся, што бу­дзем на дыктафон запісваць. Спачатку знаёмства, — пачынае Сяржук.

VurajПалешукі вельмі гаваркія і гасцінныя — і гаспадарку пакажуць, і сытна накормяць. Шчырыя — стол шчодра накрыюць і гасцінцаў на дарогу дадуць, саромеючыся, што ў іх не так багата, як у горадзе. Вяскоўцы на Палессі адрозніваюцца ад сталічных жыхароў — больш даверлівыя і адкрытыя. Развітанне — гэта заўсёды абдымкі.

— Вёскі ў беларускай глушы — гэта палі, сады, азёры, рэкі, лясы і бязмежны далягляд. У горад, да аўтамабіляў і крам, вяртацца потым было складана. Вандроўкі па Палессі сталі для мяне моцнай фолк-тэрапіяй, — узгадвае лідэр гурта.

Музыкі добра раззнаёміліся з вясковымі калектывамі. Такіх было шмат. Напрыклад, з фальклорным гуртом «Вытокі» з вёскі Дзятлавічы зладзілі некалькі выступаў у Мінску і запісалі сумесны трэк. Але самымі надзейнымі крыніцамі традыцыйных беларускіх спеваў сталі палескія бабулі — нашчадкі носьбітаў яшчэ дахрысціянскай творчасці.

— Абрадавыя песні, якія сталі асновай нашага альбома, пайшлі ад старадаўніх замоў, падчас якіх простыя сяляне ўлагоджвалі спевамі сілы прыроды, каб сабраць, напрыклад, добры ўраджай, — кажа Сяржук Доўгушаў.

Самым складаным пры стварэнні сваіх песень было захаванне асабістых для розных рэгіёнаў Палесся маўленняў, гаворак. Так, у адной вёсцы кажуць навуцю (навучу), у другой — прывьёз (прывёз), у трэцяй — оконцэ (акенца). Спевы запісвалі яшчэ і на відэа. Дарэчы, выйшаў экспедыцыйны ролік.

VurajНа канцэртах гурта можна пачуць запісы жывых галасоў тых самых бабуль і дзядуль з вёсак. У планах Сержука — зрабіць сайт, дзе ў вольным доступе будуць захоўвацца ўсе спеўныя матэрыялы.

Альбом запісвалі на студыі польскага гукарэжысёра Томаша Рогула, намінанта на прэмію «Грэмі». Грошы збіралі на краўдфандынгавай платформе — шмат людзей падтрымалі, асабліва самі палешукi.

Захаванне традыцый

Шкада, што песні, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, могуць знікнуць. Тыя, хто іх ведае, не маладзеюць, захоўваць спадчыну амаль некаму.

— Старадаўнія спевы — наш нацыянальны код. Маладыя не разумеюць, калі бабуля пяе, кажуць: перастань галасіць! Дзецям трэба тлумачыць, распавядаць пра фальклор, прычым яшчэ ў школе. Я ў свае пятнаццаць таксама не разумеў, навошта гэтая мова, усё народнае: лапці ды скокі, — успамінае суразмоўца.

Читайте также:  Желание исполнения

Фальклорная музыка можа быць яркай, нязвыклай і сучаснай. І Vuraj таму пацверджанне. Тым не менш фальклор ніколі не стане папсовым, не будзе гучаць з кожнай калонкі. Гэта нармальна. Але яго трэба падняць хаця б да ўзроўню класічнай музыкі.

— Мы часта эксперыментуем. Граем на народных, але не вельмі распаўсюджаных на беларускай сцэне інструментах. Гэта і колавая ліра, і драўляныя акарыны. У альбоме можна пачуць і традыцыйныя польскія струнныя, напрыклад фідэль.

Сам Сяржук вакаліст, але таксама грае на ліры, дудках, сапілках ды акарыне-рыбе, якая атрымала назву дзякуючы форме. У гурце ёсць флейтыстка Вольга Палякова, скрыпачка Наста Папова, кантрабасіст Эрык Арлоў-Шымкус і гітарыст Іван Арцімовіч. З бубнамі Данік Залескі.

— Многія думаюць, што народныя песні — гэта толькі жарты ды падскокі. Але фолк-калектывы не павінны весяліцца на сцэне без перапынку. У беларускага народа вельмі багаты фальклор, і спевы там розныя. Ёсць глыбокія, мінорныя, жаласлівыя і ў той жа час вельмі прыгожыя матывы, — сцвяр­джае Сяржук.

Помніць продкаў

— Беларускім фолк-фэстам не хапае смеласці, каб ярка пра сябе заявіць. Тым часам у Польшчы, напрыклад, кажуць, што наша спеў­ная спадчына багацейшая ў Еўропе. Але ёй неабходна падтрымка — больш фэстаў, канцэртаў, выданняў, — лічыць Сяржук.

Іх арганізацыяй ён і плануе заняцца ў бліжэйшы час, а яшчэ праектам «Традыцыя», накіраваным на развіццё і папулярызацыю традыцыйнай музыкі. Па сутнасці гэта супольнасць зацікаўленых людзей. У межах праекту плануецца выпуск серыі ўнікальных дыскаў, лепшага з беларускага фальклору: канцэртаў аўтэнтычных калектываў, майстар-класаў, спеўных сходаў, дзе кожны, незалежна ад адукацыі, можа навучычыцца выконваць беларускія песні.

— Пасля экспедыцыі па Палессі зацікавіўся беларускімі абрадамі, асабліва вясельным. На жаль, у сучаснасці ён згубіў сакральнасць, сувязь з сапраўднымі традыцыямі продкаў. Ніякага выкрадання нявесты ў нашых продкаў не было. Затое быў жартоўны абрад: у першую ноч жаніха і нявесту заводзілі ў пакой, дзяўчыне ўціхую падкладалі бярвёны, каб было нязручна спаць. Калі нервавалася, казалі, што будзе дрэнная жонка, калі жартавала, прадракалі шчаслівы лёс. А яшчэ ўсе нежанатыя хлопцы ўпрыгожвалі кашулі кветкамі, якія плялі для іх маладыя дзяўчыны. За сталом гучалі каля 300 песень! — адзначае Сяржук.

Магчыма, гэта ператворыцца ў кнігу ці стане падмуркам для наступных творчых пошукаў. А пакуль Vuraj сыходзіць на невялікі адпачынак, каб пераасэнсаваць зробленае.

Vuraj — мінскі музычны гурт, які эксперыментуе з аўтэнтычным спеўным матэрыялам, ствараючы новыя творы адмысловага гучання. Існуе з 2010 года.